А́НГЛА-ТРАНСІАРДА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1928, 1946, 1948.
Дагавор 20.2.1928 заключаны ў Іерусаліме. Фармальна пакідаў пэўную ўладу ў Трансіарданіі (мандатнай тэр. Англіі) эмірам, але замацоўваў за Англіяй кантроль над знешняй палітыкай, фінансамі і ўзбр. сіламі. Дагавор 22.3.1946 аб дружбе і саюзе падпісаны ў Лондане на 25 гадоў. Фармальна адмяняў англ. мандат на Трансіарданію (аб’яўлялася незалежным каралеўствам), аднак захоўваў права трымаць войскі і будаваць ваен. базы на трансіарданскай тэрыторыі. Дагавор 15.3.1948 аб саюзе, падпісаны ў Амане тэрмінам на 20 гадоў, ставіў Іарданію ў залежнасць ад Англіі: для англ. войскаў выдзяляліся базы ў Амане і Мафраку; Англія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў любы пункт Іарданіі ў выпадку вайны. Дагавор прадугледжваў стварэнне пастаяннага англа-іарданскага Савета абароны. Ануляваны 14.3.1957 урадам Набулсі.
т. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)